Дзяўчына i змей

Дзяўчына i змей

Змей здольны перакінуцца ў птушку ці чалавека, і ніхто яго не пазнае. Аднойчы змей закахаўся ў прыгожую дзяўчыну — дачку селяніна. Перакінуўся ў статнага дзецюка і ходзіць да яе ў госці. Здарылася гэта ўлетку. Сена акурат скасілі, сушыць ды грэбці самая пара, а няпрошаны госць уваліцца ў хату і сядзіць, жартуе — няма як дзяўчыне вырвацца на сенажаць. Бацька зазлаваў, прыбег клікаць дачку, але моўчкі падаўся назад.

— Мусіць, твой бацька злуецца? — пытаецца ў дзяўчыны дзяцюк.

— Сена скасілі, трэба парадкаваць, пакуль дажджу не нагнала, — кажа дзяўчына, — хоць ты змея кліч на падмогу…

Пасядзелі яны, павуркаталі, як галубкі, а ўвечары дзяцюк кудысьці знік.

Назаўтра прыходзіць дзяўчына разам з бацькам на сенажаць, а іхняе сена да апошняй травінкі падгрэбена, у копы складзена. Хто прыклаў рукі — невядома.

Успомніла дзяўчына ўчарашнюю размову з госцем, здагадалася, што ён — перакінуты ў дзецюка змей. Тут ужо не да любошчаў, трэба ратавацца. Параілася з бацькамі, а тыя з бывалымі людзьмі. Выявілася, што змеі больш за ўсё на свеце баяцца грому і надта любяць, калі іх гладзяць па галаве. Нараілі беднай дзяўчыне пайсці разам з пярэваратнем на бераг возера, прыспаць там яго, а калі ён засне, дачакацца грымотаў і раптоўна пабудзіць яго.

Так дзяўчына і зрабіла. Паклікала госця на бераг возера, залашчыла, прыспала яго, а тут якраз вецер хмары нагнаў, гром загрымеў. Не разгубілася дзяўчына — штурханула пад бок пярэваратня. Дзяцюк страшэнна спалохаўся грымотаў, хутчэй кінуўся ў возера, а на ляту пляснуў рукой па дзявочай шчацэ. У вадзе ён адразу перамяніўся з прыгожага хлопца ў паганага змея.

Неаднойчы потым у сонечныя дні змей вылазіў з вады на бераг, дзе яго прыспала дзяўчына. Збяруцца мужчыны грамадою, скінуць паганага назад у ваду, а ён зноў вылезе. Закапаюць у зямлю, а назаўтра, як заўсёды, змей ляжыць на беразе. Нарэшце людзі даўмеліся, што з ім зрабіць: выкапалі глыбокую яму, кінулі на дно дванаццаць птушыных чарапоў і закапалі гада. Больш ён не паказваўся.

А на шчацэ ў дзяўчыны ад змеевага ўдару на ўсё жыццё застаўся знак.

Спадабалася казачка?

Дадайце старонку ў закладкі:

Дадаць старонку ў Закладкі Бай

Падзяліцеся з сябрамі ў:

Каментары Facebook

Каментары ВКонтакте


Каментары Wordpress

Iмя:
Пошта:
Сайт:
Паведамленне: