Галаву складзеш

Галаву складзеш

Штогод цёмнымі восеньскімі вечарамі непадалёку ад лясной рэчкі Ланкі з’яўляўся прывідны агеньчык. Выкаціцца з ляснога гушчару на паляну пад старыя дубы і круціцца, як дзіцячы ваўчок. То ўбок хіснецца, то раптам угору падскочыць, і ўсё зіхаціць, слепіць вочы рознымі калёрамі ды адценнямі.

— Няйнакш у заклятым скарбе золата пераліваецца, — убачыўшы гэтае дзіва, меркавалі бывалыя людзі. I перасцерагалі дзецюкоў: — Не хадзіце па скарб. Няпраўдай ён сабраны, смерці людской чакае…

Шмат гадоў з’яўляўся агеньчык, але ніхто з тутэйшых жыхароў не адважваўся шукаць невядома кім закапаны скарб.

Аднойчы ўвосень якраз сюдою валачыўся з вёскі ў вёску стары бадзяга. Пры ім быў вялізны сабака, які верна служыў свайму гаспадару. 3 самых непраходных нетраў выводзіў ён валацугу, нікога не падпускаў да яго, калі той спаў ці валяўся пад плотам п’яны.

Пачуў бадзяга ад людзей пра закляты скарб, пабег увечары, калі сцямнела, да рэчкі. Падпільнаваў-такі агеньчык дзівосны і выкапаў скарб.

Адкрыў гаршок, а на золаце паперчына ляжыць. На ёй напісана: «Узяўшы мяне, галаву складзеш». Паклікаў бадзяга вернага сабаку, адсёк яму галаву і запіхнуў у пусты гаршчок. А золата ў торбу сваю перасыпаў. Потым закапаў гаршчок і, як на крылах, паляцеў хутчэй да карчмы, што стаяла тады над рэчкаю ў вёсцы Сакалды. Пабег не дарогаю, а нацянькі, не зважаючы на дрыгву ды багну. Надта хацелася ад радасці гарэлкі кварту-другую кульнуць. Бег, бег і раптам уваліўся ў тваністае бяздоннае акно. Рвануўся ў адзін бок, рвануўся ў другі, а золата каменем цягне ў багну. Хацеў бадзяга скінуць торбу з заклятым скарбам, а твань па самую шыю засмактала. Зароў ён дзікім голасам — «Ратуйце!» — але заместа крыку толькі бурбалкі выскачылі ды праз хвіліну шапка ўсплыла.

Праз год ці два паляўнічыя знайшлі каля рэчкі пад дубам сабачыя косці, а дзеці прынеслі з балота гнілую шапку.

Дрыгву даўно асушылі і засеялі травою. На месцы, дзе ўтапіўся бадзяга з торбаю золата, дзівосны агеньчык не паказваецца.

Спадабалася казачка?

Дадайце старонку ў закладкі:

Дадаць старонку ў Закладкі Бай

Падзяліцеся з сябрамі ў:

Каментары Facebook

Каментары ВКонтакте


Каментары Wordpress

Iмя:
Пошта:
Сайт:
Паведамленне: