Хто выдумаў грошы

Хто выдумаў грошы

Жыў адзін чалавек. I быў ён такі скупы, што нават шкадаваў людзям вады напіцца. Хлявы поўныя жывёлы, а ён трасецца, як здохне паршывае парасятка; свіран ломіцца ад збожжа, а яму ўсё мала — крукам вісіць над кожным зярняткам, скарыначкі хлеба нікому не дасць. Сваё жыта гніе ў засеках, а ён зайздросціць, калі ўбачыць у суседа палоску пшаніцы. Ад хцівасці высах, як дубец стаў. I не дзіва, бо еў адзін раз на дзень. Намесіць бульбы з мякінай, спячэ на вуголлі і запівае халоднай вадой. А каб смачней было, пасыпае попелам.

Смяюцца людзі з дурнога чалавека, які перабіваецца на мякіне. I празвалі яго за гэта Мякіннікам. Трасецца Мякіннік над сваім дабром, выжыльваецца, каб яшчэ больш багацця займець. Але ў гаспадарцы адно прыбывае, а другое ўбывае, акурат як вада ў рацэ. Скупы збірае, трасецца, а чорт з яго смяецца.

Дачуўся Мякіннік пра папараць-кветку, ад чараў якой дабро само плыве ў рукі. Пачаў распытваць у людзей пра дзівосную кветку і даведаўся, што папараць цвіце адзін раз у год — на Купалле, але вельмі цяжка яе здабыць, бо сцерагуць нікім нябачаныя скарбы чэрці і ўсялякая нечысць. А Мякінніку — абы дабра больш займець, нічога ён не баіцца — так апанавала чалавекам прагнасць і хцівасць.

Нарэшце надышло Купалле. Мякіннік схапіў вялікі мех і пабег у лес. Схавалася, каб адпачыць, сонейка. На небе заблішчалі зоркі. I столькі іх высыпала, што не злічыць.

«Шмат на свеце багацця, — думае Мякіннік, — і вельмі шкада, што нельга ім усім завалодаць…»

Зусім, быццам у мяху, сцямнела ў лесе, толькі дзе-нідзе перамігваюцца зоркі.

«Мо так блішчыць і кветка папараці?» — мяркуе Мякіннік, блукаючы па лясных нетрах.

Лазіў ён лазіў у гушчары, ледзь сабе вочы не павыдзіраў. Заблукаў у такі глухі лес, што выбрацца не можа. Пачаў прыслухоўвацца, ці не забрэша дзе-небудзь сабака. Нічуткі не чуваць. Прысеў на пень і не ведае, куды далей кіравацца. Аж раптам у лесе як загуло, як затрашчала! Зірнуў вакол сябе — скачуць чэрці, абняўшыся з ведзьмамі. Вочы блішчаць, быццам жар. Зубы ляскочуць. Спалохаўся Мякіннік, трасецца, як сабака на марозе. Потым бачыць: непадалёку ў папараці штосьці блішчыць, як зорачка. Адразу здагадаўся, што гэта папараць-кветка, кінуўся, каб хутчэй схапіць яе.

Але куды там! Не паспеў і два крокі ступіць, як з крыкам і піскам наляцела нечысць, засланіла дарогу. Спыніўся Мякіннік, не варушыцца, трасе яго трасца. Хацеў перахрысціцца, але збаяўся, што дзівосная кветка знікне.

«Ліха з ім, — думае сам сабе, — усё роўна прападаць… Прадаў бы чорту душу, каб толькі было за што…»

I толькі ён так падумаў — тут як тут з’явіўся чорцік. Падскочыў да чалавека і пытаецца:

— Ты клікаў мяне? Я тут. Будзеш самым багатым у свеце, але прадай мне сваю душу. Непатрэбна яна табе. 3-за яе сэрца баліць…

Здагадзіўся Мякіннік прадаць душу. Толькі спытаўся ці доўга будзе спажываць незлічонае багацце.

— Яно заўсёды будзе тваё,- кажа чорт. — I людзі цябе не забудуць. Пакуль свет будзе стаяць, будуць помніць, што ўсё багацце — тваё…

Узяў нячысцік ад Мякінніка пісульку, напісаную чалавечай крывёю, а яму за гэта даў папараць-кветку і навучыў, як ёю карыстацца.

Паплыло з таго дня Мякінніку ў рукі багацце. Неўзабаве столькі дабра ён займеў, што самому ў хаце месца няма. Бачыць, што не сабраць багацце з усяго свету, кліча да сябе чорта.

— Добра, дам я табе зелле, — кажа нячысцік, — што дапаможа тваёй бядзе.

Назбіраў чорт поту, крыві і слёз людскіх, наліў поўны кацёл, потым варыў, варыў і зварыў золата.

— Давай яго хутчэй сюды! — просіць Мякіннік. — У мяне няма такога бліскучага скарбу!

— Не, мы яго спачатку пусцім па людзях, — смяецца нячысты. — Яно збярэ ўсё іхняе багацце і вернецца да цябе.

Затым чорт выдумаў папяровыя грошы. I таксама пусціў па свеце людзей абіраць. Праз некалькі гадоў сабралася ў Мякінніка гэтулькі багацця, што ўвесь свет ён мог купіць. Але не рады багацей, бачыць, што хутка паміраць трэба. Хацеў падкупіць смерць, а яна толькі зарагатала з дурня. Паклікаў знаёмых знахараў і дактароў, кабад смерці збавіцца, а яны ў адзін голас: усе на свеце паміраюць. Бачыць Мякіннік, што не адкруціцца яму ад кашчавай, пусціўся
на хітрыкі. Ссыпаў усё сваё золата ў глыбокі пограб, набраў стравы мо на сто гадоў і сядзіць там, хаваецца ад чорта.

Але аднойчы прыходзіць смерць і кажа:

— Няхай тым стане, чым было!

Толькі яна так прамовіла — разлілося золата потам, крывёю і слязьмі людскімі. Утапіўся ў сваім пограбе Мякіннік. Тут як тут з’явіўся чорт, схапіў Мякіннікаву душу і рагоча:

— Пакуль будзе свет стаяць, датуль будуць людзі цябе ўспамінаць! Бо ўсіх ты дурыў, на поце, слязах і крыві людской жыў!..

Спадабалася казачка?

Дадайце старонку ў закладкі:

Дадаць старонку ў Закладкі Бай

Падзяліцеся з сябрамі ў:

Каментары Facebook

Каментары ВКонтакте


Каментары Wordpress

Iмя:
Пошта:
Сайт:
Паведамленне: