Паморак

Паморак

Якое толькі ліха не даймае людзей! Бяда на бядзе едзе ды бядой паганяе. Пастаіш — бяда нагоніць. Пабяжыш — на бяду наскочыш. I жывеш, як той заяц: куды ні сунься — бядзе ў зубы. Шматбяды ад Бога. То мароз памарозіцьсады і гароды, збажыну ў полі, траву на сенажаці; то град паб’е ўсё, што ацалела, ад марозу ці сіверу; то сонца смаліць, аж зямля гарачая, як прысак, хоць ты ў ёй пячы яйкі… А дасць Бог харошае лецейка — абавязкова ўсякія пошасці ці паморак нападуць на людзей і жывёлу. Тут ужо не абышлося без ліхіх чараўнікоў.

Вось як гэта здарылася ў адной мясцовасці. Была ранняя, вельмі гожая вясна. Кожную ноч ішоў ціхі, цёплы дожджык, а ўдзень свяціла яснае сонейка. Яно галубіла зямлю, нібы матуля сваё дзіцятка. Здаецца, пасадзі на полі малое, дык яно само вырасце, як гарбуз на гародзе. Бачаць людзі, што ўсё расце, як на дражджах. Настала лета. Абмінулі, дзякаваць Богу, навальніцы з градам. I так усё шчодра зарадзіла, што ўвосень хаваць не.будзе куды. Толькі не радуюцца людзі багатаму ўраджаю. Так прывык селянін да бяды, што нават лішняе дабро яго палохае. Папаўзлі ад вёскі да вёскі чуткі, што хоць Богдаў шчодры ўраджай, але не будзе каму ягоспажываць, бо набліжаецца паморак. Як самай жахлівай бяды спалохалісялюдзі небывалага ўраджаю. Ходзяць засмучаныя, нібы ў ваду апушчаныя.

Мінула лета і аб’явіўся паморак. Спачатку ён касіў жывёлу, а потым і за людзей узяўся. У адным далёкім сяле таксама з дня на дзень чакалі бяду. А каб хвароба хутка не выкасіла іхняе сяло, людзі пачалі берагчыся. Нездарма кажуць: беражонага і Бог беражэ. Так і тыя людзі. Пайшлі яны ў лес, звалілі самую высокую хвойку, зрабілі з яе крыж, які саматугам прынеслі да сяла і паставілі на прыгорку, каб адусюль было відаць. Затым дзецюкі доўга церлі адзін аб адзін сухія ясеневыя брусы, пакуль не здабылі агонь. Людзі ўзялі гэты агонь у свае хаціны і ўжо не зводзілі яго. Каля крыжа і ў абодвух канцах вуліцы дзень і ноч палілі вогнішчы, каб паморак не мог пракрасціся ў сяло. Жывёлу загналі ў цёмныя лясы, на балотныя купіны. Парабілі там буданы-кашары і пасвілі статкі да самай зімы. Раніцай і вечарам кожнага дня абкурвалі гаўяда тхарынаю: кінуць на вуголле кавалкі сушанай тхарыны, дый абкурваюць жывёлу. Навокал такі смурод стаіць, аж насы ўсім разрывае. Ніякая хвароба ці пошасць не падкрадзецца.

Мінае восень, хутка замаразкі. Навокал паморак, быццам касою, косіць людзей і жывёлу, а ў гэтае сяло ніяк не можа ўплішчыцца. Тады ён пусціўся на хітрыкі: перакінуўся ў старую бабу і падыбаў глухою сцежкаю да сяла. Дагнаў яго па дарозе аДзін чалавек, пытаецца:

— Куды ідзеш, бабця?

— У тое сяло, мой голубе, дзе няма паморку…

Здагадаўся чалавек, хто перад ім. Напалохаўся — аж дух заняло, але не разгубіўся. Набраўся адвагі і кажа:

— Хадзем разам, я пакажу табе дарогу.

Ішлі яны, ішлі, нарэшце падышлі да багністага балота. Далей трэба скакаць па кладках і бярвеннях.

— Ідзі, баба, першая, — кажа чалавек, — ды моцна трымайся за мой кій.

Паслухалася яна, пайшла. А чалавек — следам. Далёка не адышліся: спіхнуў чалавек старую ў багну. А месца выбраў паганае, глыбокае — дна не дастаць. Утапіўся паморак і нават бурбалкі не пайшлі.

Пабег чалавек у сяло, расказаў усім, каго ён сустрэў. Давай людзі яшчэ пільней глядзець,каб не ўбіўся паморак.

Аднойчы паехаў з таго сяла дзядзька на балота па сена. Развяршыў стажок, кладзе сена на воз. Толькі вытаптаў драбінкі, а тут выходзіць з хмызняку страшны аднавокі дзед з доўгаю касматаю барадою. Зірнуў на яго дзядзька і жахнуўся: такога страшнага дзеда яшчэ не даводзілася бачыць. Стары лыпнуў вокам і просіць падвезці яго да сяла.

— Падвезці мне не цяжка… — кажа яму дзядзька, — але нашы людзі не пусцяць цябе. Яны вартуюць, каб у сяло не ўплішчыўся ліхі паморак.

— Э-э, мой даражэнькі, — усміхнуўся стары, — я хоць і бядняк, але нясу людзям шчасце, якое яны не маюць, пакуль жывуць на белым свеце.

— Якое ж тваё шчасце?

— А такое, якое будуць мець і багатыя, і бедныя, і здаровыя, і хворыя, якое зраўняе караля з апошнім жабраком…

Пачуўшы гэта, дзядзька адразу здагадаўся: нясе стары смерць. Тоіькі яна адна ўсіх раўняе, усім дае роўнае шчасце — і царам, і мужыкам. Спалохаўся дзядзька — пазнаў паморка. Потым кажа:

— Ну, дзеду, лезь на воз! А я цябе прыкідаю сенам — мо хіба так завязу ў сяло.

Залез стары на воз, чалавек зацерушыў яго сенам, прыціснуў, каб не выпаў, жэрдкай, і паехалі яны да сяла. Нарэшце прыехалі на выган. Тут стаяла варта і гарэла вялікае вогнішча. Шапнуў дзядзька хлопцам, хто ў яго на возе. А тыя знарок галосна пытаюцца:

— Што вязеш, дзядзька?

— Дровы.

— Якія дровы? Гэта ж сена!

— Навошта пытаецеся, калі бачыце…

— А ў сене што?

— Як што, шышкі з ігліцаю.

— Гэ, дык ты над намі кпіш! Хлопцы, бярыцеся за воз, зараз паглядзім, што ён вязе.

Уперліся хлопцы ў воз, штурханулі яго з усёй сілы — шухнула сена проста ў вогнішча. Як выбухне агонь — вышэй за лес! А хлопцы кіямі варушаць сухое сена, дровы падкідваюць. Круціўся, круціўся паморак — не можа ўцячы. Спалілі яго людзі, так спалілі, што нават костачак не засталося.

Але нечысць у агні не гарыць. Спачатку згарэла, а потым зноў ажыла. Праўда, людзі з таго дня перасталі паміраць ад паморка, і жывёлу ён не чапаў. Мабыць, моцна напалохаўся злыдзень, як задалі яму вогненную лазню. Уцёк за сіняе мора, за высокія горы. Часам наведваецца ў наш край: парэжа трохі гаўяда, пакосіць людзей — і ўцякае хутчэй назад, баіцца, каб зноў не злавілі і не падсмажылі.

Спадабалася казачка?

Дадайце старонку ў закладкі:

Дадаць старонку ў Закладкі Бай

Падзяліцеся з сябрамі ў:

Каментары Facebook

Каментары ВКонтакте


Каментары Wordpress

Iмя:
Пошта:
Сайт:
Паведамленне: