Прыгожая дуброва

Прыгожая дуброва

У Белавежскай пушчы ёсць урочышча, якое мясцовыя людзі называюць Прыгожая Дуброва. I вось як узнікла гэтая назва.

У даўнія часы тут жыў адзін пастушок. Адкуль, з якой сям’і ён паходзіў — ніхто не ведаў. Наймаўся хлопчык пасвіць каровы. Спыняўся ў заможных гаспадароў, якія плацілі яму хлебам і адзеннем. Мінулі гады. Вырас пастушок у ладнага дзецюка. Пачаў хадзіць на вячоркі. У скокі з дзяўчатамі не пускаўся, затое вельмі любіў слухаць байкі пра залатыя і разбойніцкія скарбы. Надта ж хацелася маладому пастуху стаць багатым.

Аднойчы хтосьці падказаў яму, што разбагацець можна ў купальскую ноч, калі зацвітае папараць-кветка. Засела ў хлопцавай галаве гэтая падказка. Дзень і ноч ён думаў пра дзівосную папараць-кветку. Ажно гаспадары пачалі наракаць, бо каровы штодня ўбіваліся ў шкоду.

«Як разбагацею, — суцяшаў сябе пастух, — дык адразу з усімі разлічуся…»

Людзі пасмейваліся з дзівака, ніхто з іх не верыў, што папараць сапраўды цвіце. А пастух усё роўна з раніцы і да вечара шукаў па лясных нетрах самы прыгожы папаратнік. I аднаго дня знайшоў-такі незвычайны папаратнікавы куст. Высокі — у чалавечы рост, з вялізнымі разлапістымі лістамі, што звісалі ўніз, быццам казачны зялёны вэлюм. Доўга, як зачараваны, стаяў пастух каля папаратніка. Апомніўся — ужо хаваецца сонца. I тут ён успомніў, што сёння якраз купальская ноч.

Загнаў дзяцюк статак у вёску, а сам хуценька папраставаў назад у лес. Спяшаецца — ажно спатыкаецца. Не бачыць, што следам за ім увязаўся ляснік, які ў хлопцавай спешцы ўбачыў штосьці нядобрае. Няйнакш на звярыну пасткі паставіў!

Прыбег пастух да вялізнага папаратніка, прысеў непадалёку за вываратнем і чакае. Не ведае, што з другога боку вываратня прытаіўся ляснік са стрэльбай у руках.

Сядзеў-сядзеў хлопец, а потым давай ціхенька насвістваць. Раптам чуе — хтосьці адказвае. Здзіўлены пастух падумаў, што яму прымроілася. А ляснік тым часам яшчэ мацней сціснуў у руках стрэльбу: няйнакш пастух з кімсьці змовіўся! Зноў некалькі разоў свіснуў хлопец — і заняло ў яго дух. 3 папаратніка паказалася вялізная змяя. Выгнуўшыся на хвасце дугою, яна марудна сунулася да пастуха. Хлопец зусім спалохаўся, але ўбачыў у змяіных лапах паўнюткі гаршчок золата, што ажно зіхацела чырвоным агнём. Дзяцюк падняўся насустрач змяі, каб прыняць ад яе скарб. I тут з-за вываратня грымнуў стрэл…

Гэта стрэліў спалоханы ляснік. Выпрасталася змяя на хвасце, абвілася вакол папаратніка, а потым як шугане агонь!

Калі агонь апаў, нічагутка не засталося: ні папаратніка, ні змяі, ні пастуха з лясніком. А каля вываратня праз гады вырасла прыгожая дуброва. Людзі кажуць, што якраз тут рассыпалася багацце, якое змяя несла пастуху.

Спадабалася казачка?

Дадайце старонку ў закладкі:

Дадаць старонку ў Закладкі Бай

Падзяліцеся з сябрамі ў:

Каментары Facebook

Каментары ВКонтакте


Каментары Wordpress

Iмя:
Пошта:
Сайт:
Паведамленне: