Смерць чараўніка

Смерць чараўніка

Жыў у нашай вёсцы чараўнік, які знаўся з нячыстай сілай. I быў у яго сын. Калі бацька пачаў паміраць, сын папрасіў:

— Навучы мяне чараваць, бо памрэш, а я нічога не буду ведаць.

— Добра, навучу, — згадзіўся стары чараўнік. — Залезь на печ і глядзі на мяне праз хамут.

Сын так і зрабіў. Залез на печ і цікуе праз хамут. Бачыць — канае бацька. Тут як тут зляцеліся чэрці. Мучылі бацьку, мучылі, аж пакульён язык не высалапіў. Тады чэрці падзялілі паміж сабою чалавечыя косці, жылы і вантробы, а скуру кінулі. Галоўны чорт залез у яе і рагоча:

— Глядзіце, што я прыдумаў! Няхай замест нябожчыка мяне абмываюць, аплакваюць і хаваюць. Вось нам смеху будзе!

Тым часам збегліся суседзі. Паставілі ў печ ваду грэцца, мерцвяка паклалі ў карыта, каб абмыць перад апошняй дарогай. Суседзі, вядома, радыя, што чараўнік памёр, але хаўтуры спраўляюць па-людску.

Сын таксама злез з печы, сядзеў каля нябожчыка і маўчаў. А потым падскочыў — і да печы.

Схапіў гаршчок з варам і бяжаць да карыта. Убачылі суседзі, што ён хоча лінуць кіпень на бацьку, пачалі сварыцца:

— Што ты робіш?! Ты ж бацьку роднага ашпарыш!..

— Гляньце, які гэта бацька! — адказаў сын.

I плюхнуў вар на мерцвяка. Як трэсне на ім скура! Як сігане чорт у карыце з хаты — толькі яго і бачылі.

Спадабалася казачка?

Дадайце старонку ў закладкі:

Дадаць старонку ў Закладкі Бай

Падзяліцеся з сябрамі ў:

Каментары Facebook

Каментары ВКонтакте


Каментары Wordpress

Iмя:
Пошта:
Сайт:
Паведамленне: