Вядзьмак насылае нячыстую сiлу

Вядзьмак насылае нячыстую сiлу

Пагналі хлопцы коней на начлег. Вядома, падлеткі, хочацца пасваволіць. Давай туды-сюды гарцаваць на конях па выгане. Крычаць, пішчаць, быццам арда татарская. Якраз па выгане ішоў Іван Порца, які з чарцямі, кажуць, знаўся, дружыў з усялякай нячыстай сілай.

Спыніўся Порца, крыкнуў на хлопцаў:

— Сціхніце, паршыўцы!

Начлежнікі не паслухаліся, яшчэ мацнейшага нарабілі галасу. Дражняцца, крыўляюцца, языкі паказваюць. Адзін жэўжык нават кукіш вядзьмару паказаў.

Зазлаваў Порца на падшыванцаў, прыгразіў ім:

— Пачакайце, паскуднікі, папомніце вы мяне!

Зарагаталі хлопцы, свіснулі, тузанулі коней і пусціліся навыперадкі з гіканнем.

Заехалі на балота, спуталі коней, а самі выбраліся на сухі грудок, агню наклалі і далей сваволяць. Ноч цёплая. Паветра лагоднае, а неба цёмна-сіняе, быццам валошка. Зоркі — божыя свечачкі — блішчаць, Млечны Шлях зіхаціць, што завецца птушынай дарогай. Супакоіліся хлопцы. Цішыня навокал, як у вусе, чуваць як коні траву хрумаюць. Крыкнуў хтосьці з начлежнікаў. Па балоце такі разлёгся пошчак, аж сябрукі спалохаліся. Праўда, хутка зноў асмялелі, давай усім гуртам дражніцца з пошчакам. Але як яны ні лямантавалі — перакрычаць пошчак не змаглі. Тады пабралі з агню галавешкі і, размахваючы імі, разбегліся па балоце. Здалёку ўбачыш — нібы вогненныя колы па зямлі коцяцца.

Раптам на балоце штосьці свіснула і моцна зарагатала:

— Го-го-го!

Сцішыліся хлопцы, прыслухоўваюцца. I чым больш яны прыслухоўваюцца, тым мацней на ўсе лады заходзіцца жудасны рогат. Здаецца, балота з лесам пасварыліся, лаюцца, на чым свет стаіць.

Спалохаліся начлежнікі. Збегліся ў купу, калоцяцца ад дрыжыкаў, ляскацяць зубамі. Сядзяць ні жывыя, ні мёртвыя, а нячыстая сіла то свісне, то зарагоча, то закрычыць немым голасам. У бедных свавольнікаў душа ў пяткі лезе. Потым агонь патух. Зрабілася яшчэ страшней. Давай нечысць лётаць над самымі галавамі, ледзь не чапляецца крыллем за шапкі…

Перадрыжалі начлежнікі неяк ноч і закаяліся не чапаць больш ведзьмака. Калі пачало світаць, нечысць заплакала, заскуголіла, але мусіла хавацца.

Вось як насылае вядзьмак нячыстую сілу, што служыць яму, нібы свайму пану.

Спадабалася казачка?

Дадайце старонку ў закладкі:

Дадаць старонку ў Закладкі Бай

Падзяліцеся з сябрамі ў:

Каментары Facebook

Каментары ВКонтакте


Каментары Wordpress

Iмя:
Пошта:
Сайт:
Паведамленне: